Мае вершы






Віна бурлівага
ў мяхі старыя
Не налівай.

Жыцця шчаслівага
з грахом у міры
Не абвяшчай.

Як не адрокся
шляху хлуслівага,
Не цягнеш крыж,

То, як не ўтойся,
з дыбка пыхлівага
Ўніз паляціш.


Нам да восені вельмі далёка.
Не пажух ясень шчэ за вакном.
І не сціх на палях буслоў клёкат,
Не накрыла туга народ сном.

Нават дождж льецца цёплы, як летам.
Кажуць, бульбу ніхто не капаў.
Не чакаюць настаўнікі дзетак,
І з антонаўкі яблык не ўпаў.

Бог расцягваў для Навіна вечар,
За гару сонца спаць не зайшло.
Каб народ перамог у лютай сечы,
У зямлю абяцання ўвайшоў.

Нам да восені вельмі далёка.
Нам расцягвае лета Гасподзь.
Хай змагацца за волю нялёгка,
Беларус, за Радзіму выходзь!


Па кроплі сцякае з чавільні
Каштоўны напой з маіх ран.
Знямоглы, стаптаны, бяссільны
На камні застаўся мой стан.

А дух падымаецца з пылу,
І лье цераз край свой алей.
Вяртае ў нямоглую сілу,
Састылая стала цяплей.

Сабраліся ссохлыя косці,
Пакрыліся плоццю жывой.
Падоранай ласкі мне досыць,
Каб вынесці годна крыж свой.

Складаю цярпенні ў куфар,
Багацце пакутаў звініць.
За іх я набуду, як цукар,
Салодасаць абранаю быць.


Ты падняў мяне высока
На сваю гару Сыён.
Там пазнала маё вока
Ззянне велічы Тваёй.

Ты свяціў ярчэй за сонца,
Ды нібы ў тумане быў.
Гралі гуслі з усёй моцы,
А я ў цішыні спачыў.

Быў я ў духу ўсхваляваны
І спакойны ля Цябе.
Ды ў славе беззаганнай
Я застацца захацеў.

Але Ты
ўніз мяне спусціў.
Каб народ
мог у рай ўвайсці.
Ты паслаў
праўду абвяшчаць
Голас Твой
ва ўсім магу пазнаць.

Бачу я Цябе ў кветках,
І ў водарах вясны.
На заснежаных палетках,
І ў жыцці звяроў лясных.

Ты нагадваеш прыродай
Мне пра абяцаны рай.
Я малю: Пакоры звыш дай ,
Несці крыж дапамагай.

Але Ты
ўніз мяне спусціў.
Каб народ
мог у рай ўвайсці.
Я паўсюль
бачу напамін,
Што не ўсё скончыў на зямлі


Заблукала на ўзлеску нявольна.

Дзе дарога? Ці сцежка мая?

Ці праз лес мне ісці, ці праз поле?

Дзе мой слуп, дзе святло, дзе маяк?

Я збянтэжана , моцна спалохана,

Мая памяць падводзіць ізноў,

Я зламаная, вельмі крохкая,

Які шлях мяне ў роспач прывёў?

Закрычу, ды не буду пачутаю,

Пабягу, а калі не туды?

Я заплачу, ды слёзы пакутныя

Не ўратуюць ад цемры бяды.

Мне бы стаць на калені, маліцца,

Толькі вера мая знемагла,

І не можа праростак прабіцца

Праз заслону нямытага шкла.

Гэта- здрада. Яе горкі водар

Мяне змусіў згубіцца, дзе я

Знала кожны пралесак, узгорак.

Яна в'ецца вакол, як змяя.

Шанец выжыць, і выйсці- рашыцца

Пагасіць той спакусы смурод.

Затаптаць, ад змяі адчапіцца,

Праз бяссілле бегчы на ўсход.

Дзе падымецца раніцай сонца,

Дзе напоўніць сабой Божы Дух,

Пакаянне там  дасць сваёй моцы,

Накіруе, працягне мой рух.

Я бягу да Цябе, мае ногі,

Як у сне, ўсё на месцы стаяць,

Падштурхні да Сябе мяне трохі,

Каб змагла я ўверх вочы падняць.

Я тут ведаю ўсё, не забуду.

Мая спадчына- гэты надзел.

Даруй здраду,  ачысці ад бруду,

Не скасуй мой у вечнасці ўдзел


На полі бітвы, дзе брат на брата,
Кладу камень.
З яго нясмела бярэ пачатак
Вады струмень.
Ідзіце, піце. Ён сілы дорыць,
Жыццё дае.
Там напісана: "Спрачацца досыць,
Вы ўсе - Мае."
Ён нас паклікаў, нам даў надзею,
Крывёй амыў.
Ён бачыць сэрцы, Ён бачыць дзеі,
Нас не забыў.
Калі бяжым мы, на смерць кідаем
Яго дзяцей.
Ён нас сустрэне, і нас спытае:
"Куды ідзеш?"


Балюча мне,
Стары мой панцыр
Патрэскаўся, спаўзае, жжэць.
Пячэ мой грэх,
Шукае шанцы
Мяне слабую раніць смерць.

Старую скіну
Абалонку,
Яна мне сталася малой,
Ёсць час на рост,
Вяртанне зноўку,
Што ў бітвах страчана было.

Хутчэй! Мяняй
Жыццё і форму,
Пакуль у сховішчы яшчэ.
Расці, мацуйся.
Нават штормы
Пасля адоляеш лягчэй.

Я выйду моцнай
На свой бераг.
Адноўленай, ды з лішкам сіл.
Пайду я смела,
Поўнай веры,
Туды, дзе крыж Хрыстос насіў.


Я слабая, а раптам не спраўлюся?
Раптам стану, як ганьба, Табе?
Я не цвёрдая, часта вагаюся,
Часам здрадай плачу на давер.
Мне так брыдка, грахамі запэцкана,
Як не бачыла хібаў раней?
Нецярплівая, грубая, рэзкая
Як ты можаш глядзець на мяне?
Ты прамовіш:" Такая не першая,
Бачыў я і слабых, і малых.
Адракаліся моцныя, лепшыя,
А пакутнікі славілі ўслых.
Бачыў здраднікаў, што навярталіся,
Пакаяння прыносілі плод,
Бачыў тых, якія вагаліся,
Са здранцвелага вывеў народ.
Я трымаю мацней тваю руку,
Чым ты можаш сабе ўявіць.
Я бліжэй- на адлегласці руху,
Каб цябе ўтрымаць і злавіць.
Ты не бойся, не стой, рабі крокі,
Я вярчу пад табою зямлю.
Вось мой план, дасканалы, глыбокі,
Што хачу, то з цябе я зраблю."


Ты ўскрываеш нарывы граху,
Агаляючы ранамі цела.
Я сама гнайнікі берагу,
І лякую сябе я няўмела.

Я сама заглушаю свой боль,
Я хаваю з вачэй свае раны.
Або сыплю на голае соль,
Ранку ссохлую зноў калупаю.

Ты прыводзіш мяне ў свой пакой.
Аглядаеш, з любоўю лякуеш.
Выцякае мой гной прад Табой.
Пакаяннем Ты язвы бінтуеш.

Добры лекар не дасць саграшыць,
Не дае дачакацца гангрэны.
Гэты боль - ратаванне душы.
Гэта добрае, знойдзена ў дрэнным.


Што Табе да сэрца маяго?
Што ў сваёй руцэ яго трымаеш,
Ад граху лагодна ачышчаеш,
І ратуеш ад крывых шляхоў.

Што да сэрца маяго Табе?
Што ўвагу на яго звяртаеш,
Сваім словам зноўку напаўняеш,
Каб струмень жыцця не аслабеў.

Што Табе, мой Божа, да мяне?
У граху ад малку ўзрастала,
Столькі раз цябе я адкідала,
А Ты клікаў, Ты не анямеў.

Ты стварыў, Ты выбраў, Ты паставіў.
Ты пакутваў, Ты памёр, уваскрос.
На крыжы крывавым мяне збавіў,
І гаворыш да мяне наўпрост.


Бяссілле...
Ты супраць бульдозера
нічога не можаш зрабіць.
У напоўненым болем возеры
свой гнеў ты прыходзіш тапіць.

Ізноў праглынеш.
У чэраве
тваім ужо столькі крыжоў.
Ды бачыш:
праз дзірку ў чэрапе
з зімы кураслеп узышоў.

Ідзеш па смяротнай дарозе,
узыходзіш…
Галгофа дрыжыць.
Але на тваім жа парозе
Тваё
немаўля
крычыць.

Адчай напаўняе і немач.
Узносіш малітву ўзвыш.
Ісус у крыві,
зняўшы веліч,
Нясе ў пакоры твой крыж.

Змяшаліся слёзы з крывёю.
Смяюцца з цябе мінакі.
З Ім у пекле ты быў пад зямлёю.
На Пасху
ўваскрэснеш
з Ім ты!


 Калі ўпаў, калі ляжыш у брудзе,
Не ўпівайся сорамам, не пей
Ваніты, не імкніся ў суддзі,
Устань, ідзі ў святло, смялей.


Хай, як алей, густы, пахучы
Святло абмые з твайго цела бруд.
Прабач сябе, Збавіцеля не мучай,
Ён грэх даўно ўвесь аддаў пад суд.


Ён аддзяліў цябе, Ён першы стаў насустрач.
Ты - гліна між яго спрактыкаваных рук.
Ён бачыць грэх, мяняе тваю сутнасць.
Ён выкрыў для таго, каб быў наперад рух.


Устань. Прымі збаўлення лекі,
Хай горка вуснам, мёдам стануць унутры.
Ён кроў праліў і вытрымаў усе здзекі,
Каб у падзенні праўду горкую адкрыў


Устань. Ідзі. Прымі святыя шаты.
Ён, палюбіўшы, іх дае дарма.
Ідзі і не грашы. Грэх на крыжы пракляты.
На вопратцы тваёй тых плямаў ужо няма.


Ты не сумуй, душа мая
Ты не журыся.
І гэта сцежка незнаёмая
Скарыцца.
Успомні, колькі ўжо дарог
Было? Прайшла!
На кожнай Бог цябе бярог
Ад болю й зла.
Да неба песню ўзнясі,
Грамчэй спявай!
Падзяку Богу прынясі,
Хвалу аддай!
Ты не смуткуй! Май супакой -
Бог правядзе.
З Ім акіян глыбокі пройдзеш
Па вадзе.


Божа, дай мне пусціць карані,
Прарасці да глыбінь Твайго Слова.
Ад сумніву вятроў барані,
І ад з'едлівых думак ахоўвай

.

Ад прароцтваў і сноў дай мне піць,
Напаўняцца, мацнець абяцаннем.
Мудрым словам галлё абляпіць-
Хай насыціцца ліст Тваім ззяннем.

 

Дай мне вытрымаць здзекаў снягі,
І нязгоды залеваў патокі.
Каб не быў ураджай мой благі.
Каб спатолілі бліжняга сокі.

 

Каб не вырваў мяне з глебы грэх,
Каб насенне не выдзяўбаў злодзей.
Божа, дай мне глядзець толькі ўверх,
І слязьмі асаляць асяроддзе.

 

Я расту.
Маё дрэва жыцця зацвіце.
Сваім водарам многіх прывабіць.
Дай быць скоранай у шчасці й бядзе.
Дай мне словаў, Цябе каб праславіць.


Я маю права.
Сына Божага крывёю я амыты,
і Яго пакутамі здабыты.
Каб гучала ў свеце Яму слава,
сваю ролю выканаць
Я маю права.

Да мэты.
На каленях ці паўзком імкнуся,
і калі я перад Богам апынуся,
Яго славай буду абагрэты,
хоць замерзнуў на шляху
Да мэты.

Буду вольным.
Хоць рабом бязбожнікі лічылі,
ні за вошта да паўсмерці білі.
Але ведаў Бог, на што я здольны.
Праз агонь ачысціў,
Буду вольным.


Раптаць
Прасцей, чым верыць Богу,
няма жыцця знаёмага, старога,
і сцежкі тут няма  - тут сенажаць.
Але мне хопіць сілаў пратаптаць
свой шлях, сваю здабытую дарогу.

Чакаць
абетаваную зямлю,
густую, урадлівую раллю,
куды зярняткі буду я ўкладаць,
але пакуль насенне буду зберагаць,
каб час сяўбы не прапусціць, малю.


Араць,
надзел, няхай яшчэ малы,
ды нават у арэндзе ці чужы.
Ад рання да вячэры працаваць,
каб потам і пакорай атрымаць
вялікі, свой і назаўжды.

Хваліць!
Ахвяру Богу ў песнях аддаю,
жывую і прыемнаю Яму,
не буду ўспамінаць, дзе што баліць,
Ягоным словам лепей буду жыць,
і праведнасць Ягоную вазьму.


Не такая...

Можа я зусім не такая,
мо не так я малюся Табе,
бо жыву я не так, як спяваю,
быццам сіла мая ў Хрысце...

Так жыву, што не маю сілаў
на змаганне з грахом і сабой,
нібы птушцы абрэзалі крылы,
і ляжыць, нібы смецце ці гной.

Бо жыву я не так, як спяваю,
што ў Табе я знайшла супакой...
Супакою даўно я не маю,
ува мне цела ваюе з душой.

Бо жыву я не так, як спяваю,
што ў Хрысце маю радасць адну.
Я ўсмешку даўно не трымаю,
я ў адчаі па вушы - тану.

Гэты стан мне адно адкрывае,
што дзяцінства мінула зусім,
сілы больш у слязах я не маю,
да мяне няма справы чужым.

І ўжо колькі б я не рыдала,
да мяне не падыдзе ніхто,
не малая, дарослаю стала,
мне не вінен ніхто і нішто.

Можа я зусім не такая,
якой знешне мне хочацца быць.
Я - не добрая, я - не святая,
я магу яшчэ болей грашыць.

Дык ад грэху мяне што трымае?
Толькі літасцю Божай стаю.
Ад таго, што мяне спакушае,
Бог ахоўвае душу маю.

Значыць сіла мая ў бяссіллі?
Калі знаю, што я не сама...
Толькі ласкай Тваёй не ў магіле,
і з любові Тваёй не адна.

Можа я зусім не такая,
не такая, як марыла стаць.
Я - бяссільная, я не святая.
Я малюся - Табе вырашаць.

Я спяваю: У Табе мае сілы,
Ты дасі, колькі трэба мне мець,
супакою, надзеі і міру,
каб без сіл я магла зноўку пець.


 

Я не валодаю сабой.
У рэўнасці, у хвіліны гневу,
нібы ваююць дух з душой
і па чарзе кіруюць целам.

Плоць просіць есці, спаць, любі,
яна заўсёды эгаістка.
«Па болей, усяго, сюды».
Не дбае пра душу і блізка.

Душа ў роздумах жыве
чуллівая, гарачая.
Дзе цёпла ёй – туды ідзе,
не зручна – то заплача.

А дух... ён чуе галасы
ад Бога, цела, злога,
бруд аддзяляе ад красы,
пустое ад святога.

Дык дзе тут я? Дзе праўда пра мяне?
Як можна стаць каштоўнасцю для Бога?
Як з гэтых трох сабраць саму сябе?
Прынесці плод, намацаваць дарогу...

Я не раблю таго, чаго хачу,
каб славіць Творцу ў справах будніх,
я памыляюся, злуюся і крычу,
не адчапіцца ад жаданняў людскіх.

Няшчасны чалавек! і кожны, хто прыходзіць
у гэты свет, змаганне – наш праклён.
Надзея да Хрыста мяне ўвесь час прыводзіць,
Ён целам быў і злога знаў здавён.

Я не валодаю сабой...
І не хачу сабе я славы,
Аддам Табе мой дух з душой
і цела, каб Ты збавіў.


А Ты маўчыш, бо ўжо ўсё сказаў,
цяпер Ты толькі правяраеш маю памяць.
Настаўнік добры мяне доўга рыхтаваў,
але жыццё ад тэстаў не пазбавіць.
І вось задача: тут не ігрэк і не ікс,
тут выбар паміж бунтам і пакорай.
Усе ўрокі, узятыя калісь
цяпер успамінаць трэба нанова.
Не школа тут, не ўніверсітэт,
адзнака не ў табель, а на сэрца.
А Ты маўчыш, нібы адказ – сакрэт.
Калі іспыт, падказак не даецца.
Рашэннем ёсць каштоўнасці жыцця,
дзе больш любові, а дзе проста пыха.
Але ламае мозг ад гэтага звіцця:
у клубку ўсе ніткі розум пераблытаў.
І не адняць духоўнае ад плоці,
і плоцкае не вырвеш ад душы.
А Ты маўчыш, сам у крывавым поце
маліў Айца, каб за цябе рашыў.
Ісус – вялікі пастар і вялікі педагог.
Ты любіш і чакаеш колькі трэба.
Я вынайшла адказ і выйшла за парог,
іду, а Ты вядзі, маўчу цяпер у неба.


Навошта мне такія жарсці,
эмоцый гэтых глыбіня,
нібыта цмок сваёю пашчай
мяне заглотвае штодня.

 

Калі я плачу - мае слёзы
цякуць па твары нібы сель,
ашчэпкі толькі на падлозе
ад посуду - такі мой гнеў.

 

У радасці... ох гэта радасць,
яна бывае да краёў,
ад яе моцы можна падаць
ад яе моцы кіпіць кроў.

 

І смех заўсёды мой нясціплы
і рэўнасць, як гальніцы грань
а ў час смоты, такі звыклы,
незадаволенасць - як твань...

 

О, Супакой! Цар Супакою!
суціш мяне і састудзі!
Амый грахі сваёй крывёю
Дай мір і лад з маёй душою,
і мудрасць у сэрца пакладзі.

 

Каб колеры маіх эмоцый
не кроўю па мячы цяклі,
а далі смак накшталту спецый
у жыццё салёнасць дадалі,

 

Вясёлкаю сагрэлі неба
пасля грымотаў і дажджу.
Каб супакой стаў маім хлебам,
пачуцці - кменам унутры


Давайце сэрцы Богу пасьвячаць,

 Давайце сьведчыць і Эвангельле казаць,

 Давайце верыць і жыцьцём сваім служыць,

 Каб тых, хто з намі побач, не губляць.

 

 Бярэм адказнасьць – дык давайце браць,

 Каб потым сорамна за “жысьць” сваю ня стала,

 Каб наша справа – душы верай запаляць –

 Не апынулась спробаю няўдалай.

 

Ты выбраў шлях свабоды – дык ня будзь рабом,

 Бо ты ня гвалтам на дарогу праўды стаў.

 Тваё служэньне ўзнагародзіцца пладом,

 Калі з прыняцьця волі Божай ты пачаў.

 

 

Прыярытэты нашы сэрцам трэба ўспрымаць:

 Бог наш, зямля Айчыны, Божы Чалавек.

 І ў праўдзе перад Творцам трэба нам стаяць,

 Каб славу перамог аддаць Яму навек.

 

Любоў павінна вечна нашым крэда быць,

 Паміж сяброў адзінства – наша мэта.

 Бо толькі калі сябра зможаш ты любіць, –

 Любоўю запаліш любога чалавека.

 

Мой брат, калі мой ліст ты сёння атрымаў,

 Прымі маю любоў і слова Бога:

 Мы разам справімся з навалай нашых спраў,

 Бо Бог сказаў, што ў нас адна дарога.


Вітаўту на 4 месяцы. Споведзь.

Рвалося сэрца ад чакання
"я заўтра буду ўжо з табой",
сон не прыходзіў аж да рання,
лічыла кажны подых свой...

да часу стомлены чакаць,
пачуўшы радасныя словы
не стаў да раніцы трываць ,
хацеў пабачыць ты свет новы.

насуперак усім дактарам,
дыягназам і захаванням,
сасуд свой ноччу ты парваў,
у руху да абетавання...

а я не чула голас твой,
што з майго лона зваў на помач,
калі ў крыві ты быў сваёй,
і не было нікога побач...

ты паміраў, а я не чула
прабачыць не магу сабе,
тваім жыццём я рызыкнула,
бо шкадавала так сябе.

было шмат ропату ва мне,
шмат страху, злосці і дакору,
не разумела я, павер,
як плакаць буду зусім скора.

Нас выратавалі дактары!
Падзяка ім,а Богу- Слава!
Ён зноў жыццё нам падарыў,
жыццё тваё- Яго рук справа.

Малітвы ліліся за нас.
быў смех,часамі і праз слёзы,
і вось уздыхнуў ты ў першы раз,
знялі тады з жыцця пагрозы.

Далей лячэнне, шпіталі,
але ніколі не забуду:
цябе на рукі мне далі,
ты грудзь узяў- якое цуда!

Мы разам, добра ты расцеш,
сваёй усмешкай ўзбагачаеш.
і славу Богу аддаеш,
мяне за слабасць прабачаеш.



Я мама...


як громка гучыць гэта слова,
якой ні сказаў бы ты мовай
я мама...
гучыць дэлікатна, гучыць ганарова...

сатканы з любові, ты Богам спавіты,
табою напоўнены ўсе мае дні,
у часе складаным слязьмі ты амыты,
і шчасцем запальваеш сэрца вагні.

усьмешкі ты дорыш усім- не шкадуеш,
і крык пераможны глыбока з грудзей,
як ціхае слова ад мамы пачуеш-
заснеш нечакана, абдымеш мацней.

шчаслівая я,і тата шчаслівы,
мы бачым: плод нашай любові расце,
абраная Богам галінка алівы,
страла,што ў мэты патрапіць свае.


Вось новы год, і зноў час планавання,

 часы прарочых думак пра жыццё.

 Праводжу дні ў глыбокіх разважаннях,

 шукаю Слова, вобраз, адкрыццё.

 

Малітвай ў духу цешу сваё цела,

 запісваю ў нататнік планы ўсе:

 што я зраблю, і што раней хацела,

 аналізую, думаю і ў сне.

 

 

Пабачыць год здаецца не так проста,

 а як пабачыць Божых десяць год?

 Дзе час змагання, час вайны, час роста?

 Калі пасеяць, і калі жаць плод.

 

Імкнуся я адкрыць заслону часу,

 спрабую зразумець бясконцасці жыцця,

 каб не жадаць усяго і вось адразу,

 гартаць старонкі чыстага быцця.

 

Пакорнасць, мудрасць, радасць існавання-

 я запланую ісціну спазнаць,

 шукаць шляхі ў штодзенных вандраваннях,

 любоў дарыць і веру ўтрымаць.


Эміліі

 

 

Ці была б я Эміліяй Плятэр,
калі вокал агонь, крыкі, кроў,
ці цярпела я б зьдзекі праклятых
над краінай, ці  знала б любоў?

Та дзяўчынка была выхаванай
у манерах, павазе, культуры.
яе сэрца было гуртавана
да народа, шляхетнай натуры. 

Яе вера была непахісна,
Яна Словам жыла дапаўна.
І яе недзявочыя рысы
сфармавалі з яе ваяра.

 

Ёй ні сьлёзы, ні шлюбныя клопаты
не былі даспадобы, калі
над краінаю зьдзекі, і ворагі
затапталі са збожжам палі.

і чакаць не магла ўжо спакойна,
пакуль знойдзецца, хто бы пазваў
наш народ стаць насустрач дастойна.
хто б да сьмерці за люд свой стаяў.

І пайшла, яна была паненкаю.
і за ёю пайшлі мужыкі,
хто зь сякерай, любоўю і вераю,
хто са стрэльбай- пайшлі ад сахі.

я не ведаю, як не стамлялася,
як хварэла, і зноў у бой ішла
дзе быў подзьвіг, а дзе памылялася,
як трымалася мужнай душа.

яна была дзяўчынкай, гарачаю.
і відаць не заўсёды магла
растлумачыць, што робіць, не бачыла,
як інакш можа быць- і ішла...

Часам бачыш навокал пакутлівы,
непакаяны горкі наш люд,
што скараецца так неадумліва,
і стаіць на каленях ад мук.

Ці чакаць цяпер мне, пакуль знойдзецца,
той, хто люд павядзе ваяваць
супраць рабства ў духу; народзіцца
нейкі лідар, што будзе стаяць
за краіну, за веру, за норавы,
хто пакажа народу шляхі.
Хто пазбавіць мужыцкага сораму,
да Хрыста прывядзе ад сахі.

Ці я буду Эміліяй Плятэр,
і змагацца пачну з той хлусьнёй,
што зрабіла народ наш вар'ятамі,
і атруціла розум сабой.

Ўсё малюся, бо страх маю пэўны я,
ўсё згубіць, што сама набыла,
і чакаю дзявочага шчасьця я...
Як, Эмілія, ты так змагла?...


Вернасьць

 

Нам ісьці з табой сьцежкамі вечнымі, 
ў каханьні ісьці назаўжды.
І вачыма глядзець уперад вернымі,
бараніць наш саюз ад бяды.

Нашай вернасьцю будзем напояны, 
удыхаць будзем сьвятасьці пах,
Богу нашаму будзем мы скораны,
нашай вернасьці плод -Божы страх.

Давяраць будзем кожнаму слову мы,
што нам Госпад у малітве сказаў.
Верай Госпада будзем адораны,
Ён любоўю сваёй нас зьвязаў.

Адганяць будзем слабасьці працаю
над духоўнасьцю нашай заўжды.
Мы з'яднаемся з Госпадам моцаю
каб у праўдзе прайсьці праз гады.

Вясельны


Няма мацней пачуцьця тога
што ў сутарэньнях сэрца б'ецца,
што ўзрастае ў слове Бога
малітваю на вуснах льецца

Каханьнем у жыцьці завецца,
у духу не знайсьці мне імя,
імгненьнем часта падаецца,
у вечнасьці яно не стыне.

Часамі людзі называць
сьвятым імём зусім не тое,
пасьля руіны аднаўляюць,
ці ганьбяць слова залатое

Пачуццем гэтым уратавана
шмат жыццяў ад улады сьмерці,
гаючай мазьзю жывіць раны,
плады яго- ўсе нашы дзеці.

Нялёгкі выбар- быць каханым,
прыняць, скарыцца, клопат мець...
свой хлеб дзяліць, аддаць пашану
таму хто побач, душу грэць.

Табе, мой мілы, прысягаю...
Мне мужам стаў, я за табой
стаю спакойна, адчуваю...
каханы мой- адно са мной.


Зіма- час новых сіл...

 

Зіма з сабою сум прынесла,
накрыла ў шчэнт падзеяў вір
ні белы сьнег- ужо не песьня,
ні ціхі дзень не дорыць мір...

Яна прабудзе са мной доўга,
не дасьць спачынку і сьвятла,
змагацца прыдзецца алоўкам,
малітвай, працай да відна.

Я стану тварам супраць ветру,
няхай абсыпіць мокры сьнег,
марозным дыхаю паветрам-
пачну наўмысна цяжкі бег.

Пераадолець сваю слабасьць,
не паддавацца брудным снам,
хрыбет надломлены аправіць-
не здольны... Бог- апора нам.

Я не шукаю ў сабе сілаў,
іх там не будзе з пустаты,
Гасподзь адновіць іх з руінаў,
адкрыта я...бяры... ляпі...

Скаронным целам прыпаўзу я,
сьлязьмі амыю з ног увесь пыл,
ІСУС!!! жыцця майго надзея,
ІСУС- крыніца маіх сіл.

Зіма з сабою сум прынесла...
Але не страшна ў цемнаце
таму, каго Сьвятло узьнесла
і збавіла ў паўнаце.


Табе, Ісус

Бяру я ў рукі асадку ды ліст,
Бо сэрца маё загарэла,
Табе напішу сёння песню, Ісус,
Каб слава Твая зноў звінела.

Хвала хай мая мчыць, мінае зямлю,
Хай ляціць праз аблокі да неба.
У той хвале я жыццё ўсё Табе аддаю,
Мне яно без Збаўлення не трэба.

Я Табе прысвячаю кожны свой удых,
Набіраю паветра я смела.
У тым паветры свабода для душ маладых,
Хто ў Хрысце нарадзіўся нанова.

Я спяваю Табе гэту песню хвалы,
Прагну я перажыць дакрананне
Тваіх ўпэўненных рук да плячэх так слабых,
І ў сэрцы пачуць слоў шаптанне.

Я люблю, я люблю, Цябе, слаўны Ісус,
маё сэрца імкнецца да рая,
там, дзе буду з Табой, дзе жыцё без пакут.
Я ўжо зараз у снах там бываю.

Ты прымі гэты спеў, не судзі, не крыўдуй.
Я з запаленым сэрцам пісала.
Ад спакусаў зямных Ты мяне ўратуй,
Каб ў жыцці Тваю волю спаўняла.

Калі ў грудзях нясцерпны боль
Даводзіць душу да загубы,
Здаецца, нібы рану соль
Раз’ела. Ты не церпіш бруду.
Ты хочаш жыць, амыцца, стаць
Не проста кімсьці- Чалавекам.
Не хочаш душу прадаваць,
Крычаць, і духам быць калекам.
Адказ ёсць просты, паглядзі,
дзе ты стаіш, і дзе ўпаў ты.
Абдумай, дзе твае шляхі,
Дзе праўда? Куды йдзеш ты?

Дзе ёсць святло, дзе проста цемра?
Дзе праўда ёсць, што зла не церпіць?
Ты зразумеў? Ня стой! Наперад!
Не бойся, трэба толькі ВЕРЫЦЬ

Аддаць Табе ўсё да кроплі,
Даверыцца Табе ва ўсім.
Пустое сэрца ты напоўніш,
Сляпое вераю натхніш.

Аддаць то самае радное,
што так баліць, што так пячэ
і ўзяць ужо Тваё, святое,
што нікуды не ўцячэ.

Не прагнуць узамен даброццяў,
Што Ты дарма ўсім даеш.
А ўсёй сваёй душой і моцай
Шукаць той сцежкі, дзе ідзеш.

Не слухаць больш жаданняў цела,
за думкай грэшнаю сачыць,
і абвяшчаць Збаўленне смела,
і аднаму Табе служыць.

Зрычыся ўжо сябе навечна,
назад са шкодай не глядзець,
не абмінаць тугі сардэчнай,
ды гора з бліжнім падзяціць.

З Табою раздзяліць дарогу,
Адно ярмо з Табой цягнуць,
Ісці няспешна нага ў ногу,
усё жыццё Табе служыць.

Не простая тая дарога…
Але салодкі Твой удзел.
І грэе думкі асалода,
Што як Ісус і я цярпеў.

Іду па шляху, які так складана
прайсці, не схіліўшы сваёй галавы.
Хачу я скарыцца поўнасцю станам,
Каб цела памерла, а дух мой ажыў.

Хачу, каб у песнях маіх і ў славе,
Калі я звяртаюся ў іх да Цябе,
І розум, і сэрца, і дух казаў “Амэн”,
Хачу ўсё да кроплі аддаць, Бог, Табе


Прыгажосьць рук Тваіх тварэньняў
са мной гаворыць у чарговы раз,
любоўю напаўняе сутарэньні
спустошаннага сэрца ад параз.

Пчаліны гул і подых навальнічны,
напевы ветру й водар зёлак, траў,
паветра поўнае смалой іглічнай,
палеты матылька і песьні птах.

Ад гэтага мая душа гаіцца,
Я разумею зараз Твой цудоўны план.
Заве прырода мяне зноў маліцца
і быць з Табою, аднавіць свой стан.

Калі ў метусьні штодзённай я спаткнуся
аб клопаты да болю ў галаве,
у думках я ў той гай імкнуся,
дзе кожны рух гаворыць пра Цябе.

І супакой салодкім сном прыходзіць,
дае любоў і мір, дае жыцьцевых сіл.
Дае адрыцьці, прасьвятляе позірк,
на вуснах нараджаецца імя Эмануіл.


Сястра ў духу, любая мая,
З табою прагну сёньня падзяліцца
бясконцым небам, песьняй салаўя
і промнем сонца, што за гай задзіцца

З табою з радасьцю я падзялю жытло
і напаю цябе жывой вадзіцай,
Запаліш у цемры для мяне сьвятло,
з табою разам буду я маліцца.

У чашу сабярэш усе сьлёзы ты мае
і зберажэш у сэрцы ўсе ўсьмешкі.
Аддам апошнюю кашулю я табе,
падам на дапамоу руку першай.

Сагрэю ў сьцюжу словамі Хрыста,
паплачам разам у цяжкую хвіліну,
твае парады выслухаю я,
прабачыш у сэрцы, крыўды не пакінеш.

Сястра ў Хрысьце, ты- Божая дачка.
Спаўненьне волі Божай- вось нам мэта.
Ступаем пэўна, вось мая рука

ў тваёй руцэ, пакорнасьцю сагрэта.


Як страшна, Божа мой, як больна

 Глядзець, як наш грахоўны люд

 Скланяецца вось так спакойна

 Перад самім царом пакут.

 

Спакойна йдзе ён на закланьне,

 І з думкай, што так лепей жыць,

 Ён сам сябе дае ў ахвяру…

 Але ўнутры жыцьцё дрыжыць.

 

Ён проста прагне тлумачэньня,

 Ён хоча быць не пустатой,

 Яму патрэбна запаўненьне

 Таго, што сталася дзірой.

 

 

Табе кажу, Вялікі Божа,

 І прагну я, каб гэты люд

 Знайшоў адказ і знаў, Хто можа

 Пазбавіць сэрца ад пакут.

 

Вазьмі мяне для справы гэтай,

 Напоўні мудрасьцю зь нябёс,

 Страх прыбяры, і стану сьмелай,

 Каб хоць каго зьмяніўся лёс.