Урок "Апорна-рухальная сістэма"

Цела чалавека – гэта тая тэма, дзе найлепшы наглядны матэрыял гэта мы самі, а яшчэ лепш наша адлюстраванне ў люстэрку.

Косці чалавека вызначаюць форму, памер і моц чалавечага цела. Прапануйце дзіцяці намацаць нагу спераду ад калена да ступні, а пасля вымераць яе лінейкай, хай памерае таксама костку дарослага чалавека. Растлумачце яму, што косткі растуць і расце чалавек. Прыйдзе час, што малы не толькі дагоніць бацькоў па росту, а мабыць і перагоніць іх.

Косткі таксама з’яўляюцца апорай арганізма і абараняюць жыццёва важныя органы чалавека. Вывучыць іх назвы і прызначэнне можна весела гуляючы.

Напішыце на каляровых стыкерах назвы костак. Няхай дзіця будзе толькі ў ніжняй бялізне або апране вопратку, якая абцягвае цела. Станьце з ім каля люстэрка і наклейвайце стыкеры на цела дзіцяці. Пры гэтым давайце косткам назвы і дайце дзіцяці магчымасць здагадацца, якую функцыю выконвае кожная костка. Задавайце пытанні, кшталту “Ці ты можаш паварушыць гэтай косткай? Якая яна па форме? Што яна нагадвае?”. Напрыканцы можна нават выканаць танец вясёлага шкілета, рухаць названай косткай або часткай цела, якую называе настаўнік.

Пры вывучэнні суставаў можна пагуляць у іншую гульню – пашукаць па хаце месцы і рэчы, якія нагадваюць суставы: дзверы, нажніцы, замкі. Дайце магчымасць дзіцяці зразумець якая задача была вызначана Госпадам для кожнага сустава, напрыклад, чаму пальцы не выгінаюцца ў адваротны бок, а чаму плечавы сустаў такі вяртлявы.

Пры вывучэнне цягліц звярніце ўвагу на парныя цягліцы. Паспрабуйце знайсці разам гэтыя пары: сагніце руку, запясце, сагніце нагу, усміхніцеся і нахмурцеся. Цягліцы, якія працуюць у пары напружваюцца і паслабляюцца па чарзе. Правядзіце таксама эксперымент з цягліцамі стрававода. Для гэтага трэба, каб дзіця стала на рукі ці галаву каля сцяны і паспрабавала праглынуць глыток вады. Не гледзячы на нязвыклае становішча, стрававод усё роўна давядзе ваду да страўніка дзякуючы яго гладкім цягліцам.

Нашы кісці і ступні – сапраўдны цуд Бога. Што толькі чалавек не робіць сваімі рукамі: выконвае дакладную працу ювеліра, забівае цвікі, хутка друкуе на клавіятуры. Прапануйце праэксперыментаваць і паглядзець, што б змянілася, калі нашы кісці і ступні былі б іншымі. Для гэтага дапамажыце дзіцяці прайсці на руках, папрасіце напісаць нешта ступнёй, трымаючы асадку паміж пальцаў, прапануйце ўзяць шклянку, не выкарыстоўваючы вялікі палец.

Вывучыце назвы пальцаў. У беларускай мове ёсць нават некалькі варыянтаў: вялікі альбо пястук, альбо адзінец, далей указальны альбо ківун, альбо паказнік, пасля сярэдні альбо даўгай, за ім пярсцец альбо персцянец, альбо безыменны, і апошні мезенец.

Download
Матэрыял для друку
косткавая.pdf
Adobe Acrobat Document 971.6 KB
Comments: 1
  • #1

    Се (Sunday, 21 May 2023 11:47)

    Адзінец і іншыя назоунікі, такіх назвау няма. Гэта фэйк. Ні адзіны дыялектычны слоунік нават ня мае такога.