Прэзентацыя "Клетка. Найпростыя"

Прэзентацыя расказвае пра аснову будовы ўсіх жывых арганізмаў- клетку. Таксама вы даведаецеся пра тое, як жывуць аднаклеткавыя істоты, пра бактэрыі і вірусы

Каб распавесці дзецям пра клеткі, лепш за ўсё знайсці мікраскоп і паказаць ім клеткі з шалупіння цыбулі або багавіння. Так яны змогуць пабачыць на ўласныя вочы, што ўсё жывое, сапраўды, складаецца з клетак.

Калі няма мікраскопу добрым прыкладам можа стаць звычайнае яйка. Па сваёй сутнасці яйка і ёсць клетка, у ім ёсць абалонка – шкарлупіна, мембрана, цытаплазма – бялок, ядро – жаўток.

Каб яшчэ лепш зразумець, што такое клетка, варта разам пагуляць у канструктар. Менавіта гэта простая гульня растлумачыць дзіцю, як з аднолькавых частак можна пабудаваць розныя фігуры.

А яшчэ можна зрабіць макет клеткі. Для гэтага нам спатрэбіцца: шкляная міска – каб праз яе было лепш відаць клеткавую абалонку, сыр ці цеста, жэле, грэцкі арэх, фасоль, макароны, рыс.

Раскладваем усе клеткавыя кампаненты ўсярэдзіне шкляной міскі – імправізаванай клеткі.

Клеткавую абалонку робім з сыра ці цеста, выкладваючы яго тонкім пластом на дне міскі. Тлумачым яе функцыі: захаванне формы, прапусканне ўсіх карысных рэчываў унутр клеткі і выпуск усіх непатрэбных вонкі.

Напаўняем міску жэле – гэта цытаплазма. Тлумачым, што асноўная яе задача забеспячэнне абмену ўсіх рэчываў усярэдзіне клеткі. Калі няма цытаплазмы, клеткавыя кампаненты і рэчывы не могуць рухацца.

Кладзём ядро – шкарлупіну грэцкага арэха – у ім захоўваецца самая каштоўная інфармацыя. Раскладваем фасолінкі – мітахондрыі, у іх выпрацоўваецца энергія. Макароны будуць лізасомамі, якія паглынаюць усе непатрэбныя рэчывы. Рыс – рыбасомы – адны з іх з’яўляюцца свайго роду фабрыкай, на якой ствараецца бялок, іншыя возяць на гэту фабрыку патрэбныя рэчывы.

Калі дзіця зразумее будову клеткі, раскажыце, што некаторым арганізмам для жыцця хапае толькі адной клеткі. Часта менавіта такія аднаклетачныя арганізмы і бактэрыі мы называем мікробамі. Гэты момант можна выкарыстаць, каб расказаць, чаму так важна мыць рукі.

Ну, і канечне наша прэзентацыя.

Download
Матэрыял для друку
клетка.pdf
Adobe Acrobat Document 985.2 KB
Comments: 0