Тэматычны тыдзень "Ферма. Жывёлы"

Ідэя правядзення гэтага тыдня ўзнікла тады, калі нам падарылі набор цацак жывёлак. Увагуле займацца па тэматычных тыднях даволі проста, трохі складаней іх планаваць і рыхтаваць. Але на гэты раз у мяне ў запасе было пару дзён. І вось што выйшла:

ПАНЯДЗЕЛАК - ЛОГІКА

Па панядзелках мы займаемся логікай. Пачалі са знаёмства з жывёламі, іх назвамі, праглядзелі свой набор, пагарталі кніжку пра свойскіх жывёл, знайшлі жывёл у дзіцячай энцыклапедыі. Усіх падлічылі, знайiлі, хто большы, хто меншы, разабраліся з колерамі. Паглядзелі, што ў каго ёсць: рожкі, капытцы і г.д.
Далей праглядзелі прэзентацыю:

На працягу дня жывёлак кармілі фасолькай, лічылі колькі каму дасталося, у каго больш. Пасля я знайшла цікавую казку "Пра казляня, які навучыўся лічыць да дзесяці". Казка з дыску "Гадуем беларусаў"

Download
pra-kazliania.pps
Microsoft Power Point Presentation 2.0 MB

Яшчэ мы пачалі разбіраць сем'і жывёл, канешне пакуль Вітаўту было складана, але з часам усё асядзе. У мяне знайшлася кніжка з сямейкамі, дзе я наклеіла назвы жывёл і кароткія вершы з кнігі "Добрыя вершы". У панядзелак мы вершы не чыталі. Але зрабілі дошку з выявамі жывёл, якія знайшлі ў старой размалёўцы.

АЎТОРАК - ЖЫВАЯ ПРЫРОДА

Гэта проста, скажаце вы, што як не жывёлы адносяцца да жывой прыроды. І правільна. Але дзень мы пачалі з прагляду вось такога відэа:

І яшчэ ўспомнілі, як кажуць жывёлы, трэніраваліся мукаць, бекаць, ігогокаць. :)

Вось тут мы ўзяліся за вершы і паўтаралі сямейкі жывёл. Дарэчы, калі вы жадаеце зрабіць сямейкі самастойна, або прэзентацыю, вось добрыя ілюстрацыі:

Download
Домашние животные кніга.doc
Microsoft Word Document 1.1 MB

СЕРАДА - НЕЖЫВАЯ ПРЫРОДА

Ферма трымаецца для чаго? Жывёлы даюць нам карысныя рэчы. Менавіта гэтаму і прысвечаны дзень. Для гэтага я зрабіла прэзентацыю "Хто што дае":

Глядзелі яе некалькі разоў, перыядычна правяраючы лядоўню і шафы.

Таксама ў сераду мы будавалі ферму з канструктара, размяшчалі там жывёлкі.

Яшчэ я прыдумала такую гульню: на паперцы малявала малако, швэдар, яйкі, а Вітаўт ставіў туды жывёл.

Чацвер - развіццё мовы і чытанне

Тут мы ўзяліся за кубікі з літарамі, шчыра кажучы занятак больш спадабаўся мне, але важна тое, што Вітаўт зразумеў працэс: словы складаюцца з гукаў, гукам адпавядаюць літары.
Дарэчы мы нядаўна пачалі з ім займацца артыкулярнай гімнастыкай. Тут некаторыя асноўныя практыкаванні:

Download
artikulyacionnaya_gimnastika_dlya_malysh
Microsoft Word Document 120.5 KB

У чацвер асаблівую ўвагу надзялілі чытанню, і назвы жывёл перачыталі ў кніжках, і казкі знайшлі розныя і вершы. Пад вершы я спрабавала прыдумаць гімнастыку: імітавалі жывёл і г.д. Канешне прэзентацыі Вітаўт прасіў паўтарыць.

Тут мне яшчэ захацелася ўспомніць пра ангельскую мову і я паказала гэта і некаторыя іншыя мульцікі з калекцыі Baby TV songs

ПЯТНІЦА - ТВОРЧАСЦЬ

Творчасць- маё самае слабое месца, я не люблю гэтым займацца, але тут нічога не трэба выдумляць. Мы расфарбоўвалі размалёўкі,  малявалі жывёл па схемах, нешта ляпілі. Я знайшла такія схемкі, бо сама не ведала, як намаляваць карову ці некага іншага.

Download
маляваць жывёл 1.png
Portable Network Image Format 152.6 KB

Але, думаю тут можна знайсці большы прастор: аплікацыі, карціны мастакоў, песні, падзелкі і г.д. Калі знойдзеце нешта цікавае - дасылайце, размесцім.

СУБОТА - ЖЫЦЦЁ ЛЮДЗЕЙ

Субота - гэта выходны дзень, калі тата дома, таму асабліва заняткі не выходзяць. А вось пагуляць у "фермера" можна. Паглядзець відэа, што спадабаліся. З новага прапаную дадаць беларускую песенку  "Як служыў жа я у пана". Апошні куплет можна і выкінуць, але сама песенка вясёлая, Вітаўту вельмі падабаецца.

НЯДЗЕЛЯ - ДЗЕНЬ БОЖЫ

Што рабіць у нядзелю мне падказаў Вітаўт, калі пачаў шукаць па сваёй дзіцячай Бібліі малюнкі з жывёлкамі. Будзем чытаць гісторыі, дзе ёсць нешта пра жывёлак. Дзякуй Богу, такіх шмат.

ДАДАВАЙЦЕ СВАЁ

Калі ў вас ёсць гатовыя матэрыялы па тэме і вы хочаце імі падзяліцца - пішыце на nadzejkacompas@gmail.com

Спампаваць усе матэрыялы:

КАЛІ ВАМ СПАДАБАЛІСЯ МАТЭРЫЯЛЫ, РАСКАЖЫЦЕ ПРА ІХ