Тэматычны занятак "Касмічны целы і аб'екты"

Мы займаемся з дзеткамі па кнізе "Космас. Сонечная сістэма"    Кніга арыентавана на дзетак 5-8 год, але гэта не значыць, што малодшым рана ведаць пра Сусвет. Таму я падрыхтавала гульні, вершы, эксперыменты і заданні для дзяцей ад 2 да 5 год.
Гэта пяты занятак.

Паглядзіце таксама: 
Першы занятак "Стварэнне свету. Космас"
Другі занятак "Сонца і Месяц. Дзень і ноч"
Трэці занятак "Планеты Сонечнай сістэмы"
Чацвёрты занятак "Рух Зямлі вакол Сонца. Поры года"

Уводзіны

Акрамя планет і зорак у касмічнай прасторы ёсць розныя аб'екты : каметы, астэроіды, метэоры, галактыкі і туманнасці. Многія гэтыя аб'екты служаць чалавеку для вызначэння часу і адлегласцяў. Яны былі створаны разам з зоркамі на чацвёрты дзень.

Астэроіды

Астэрóід – касмічны аб’ект, які круціцца вакол Сонца. Большасць астэроідаў размешчана паміж Марсам і Юпітэрам. Астэроіды па-іншаму называюць таксама малымі планетамі.






Гульня "Прайдзі праз астэроіды".
Астэроіды - небяспечныя аб'екты для касмічных апаратаў, трэба іх умела абыходзіць. Таму мы з дзецьмі раскідалі па падлозе талеркі-астэроіды і праклалі шлях між імі з дапамогай вяроўкі, па якой ім трэба было прайсці, не зацапіўшы астероід, каб не разбіць касмічны карабель.




Заданне "Знайдзі нумар астэроіда".
Астэроідам часта даюць назвы, звычайна яны складаюцца з камбінацыі літар і лічбаў. Мы таксама вырашылі назваць некаторыя астэроіды.
Задача была знайсці на магнітнай дошцы месца для адпаведнага астэроіда і праверыць па абрысах

Каметы

Камéта – касмічны аб’ект, які складаецца з камянёў, пылу і лёду. Мае выгляд яркай плямы з паласой святла ў форме хваста. Каметы круцяцца вакол Сонца.

Заданне "Падбяры камеце хвост".
Трэба было скласці шэсць камет з двух разрэзаных частак.

 

 


Творчае заданне. "Камета з пластыліну і макарон". Цяжкасць была ў тым, што макароны ламаліся, калі націск быў моцны, таму стараліся вельмі акуратна рабіць хвасты.

 

 

Метэоры і метэарыты

Метэóры – гэта рэшткі камет або іншых нябесных цел, якія набліжаюцца да Зямлі і згараюць у яе атмасферы.
Калі рэшткі метэораў не паспяваюць згарэць у атмасферы, яны трапляюць на Зямлю. Такія "нябесныя" камяні – гэта метэары́ты. Ад метэарытаў на паверхні Зямлі застаюцца кратэры.


Гульня: "Метэарытны дождж"

Мы зрабілі невялікую навочнасць.
З нашай самаробнай каметы пры руху вывальваліся метэоры рознага памеру і колеру.
Трэба было сабраць і рассартараваць нашы метэоры.



Заданне "Куды ўпаў метэарыт".
Класічны лабірынт. Трэба прайсці па ўсіх дарожках, каб даведацца, на якую планету ўпаў метэарыт

 

 

 

Сузор'і

Са старажытных часоў людзі назіралі за зоркамі на небе і заўважылі, што ў іх размяшчэнні ёсць вызначаны парадак, які захоўваецца стагоддзямі.
Фантазіруючы, людзі надзялялі групы зорак абрысамі людзей, прадметаў, жывёлаў. Так з'явіліся сузор'і – участкі зорнага неба, дзе зоркі аб'яднаныя ў разнастайныя постаці. Усяго на небе 88 сузор'яў.

 

Заданне "Змясці зоркі".
Спачатку мы паглядзелі на мапу сузор'яў і паспрабавалі прыдумаць назвы некаторым, а пасля ўкладалі на месцы зорак кнопкі.


Заданне "Падбяры сузор'е"
Трэба суаднесці выяву сузор'я з выявай адпаведнай жывёлы"

 

 

Галактыкі

За межамі Сонечнай сістэмы знаходзяцца мільярды зорак. Шматлікія з іх сабраныя ў вялікія групы, якія называюцца галактыкамі.
Галактыка – гэта гіганцкая сістэма, звязаная ў адно сіламі прыцягнення зорак і зорных сукупнасцяў, міжзорнага пылу і газу. Усе аб’екты ў складзе галактыкі ўзаемадзейнічаюць між сабой.
Наша Сонечная сістэма з’яўляецца часткай галактыкі Млечны Шлях.
У цэнтры гэтай галактыкі знаходзіцца ядро, ад якога адыходзіць некалькі велізарных спіральных рукавоў, запоўненых зоркамі. Наша Сонца знаходзіцца даволі далёка ад цэнтра галактыкі і размяшчаецца бліжэй да ўскраіны.

Заданне; "Выражы спіраль".
Мы пазнаёміліся з новай геаметрычнай формай - спіраль. Вучыліся выразаць нажніцамі спіраль.

Была яшчэ задума намаляваць галактыку фарбамі, але мы не паспявалі. Пакінулі, як хатняе заданне.